Ад пажару на нафтасховішчы на Кубе да павадку ў Паўднёвай Карэі. Падзеі свету ў фотаздымках

Новыя пахаванні закатаваных у Бучы, самы маштабны пажар у гісторыі Кубы, спецыяльныя абрады ў Іраку ды Індыі, выхад з берагоў ракі Хан у Сеуле, моцныя пажары ў Францыі, суд над былой журналісткай расейскага прапагандысцкага каналу Марынай Аўсяннікавай ды моцная засуха ў Марока. Сабралі асноўныя падзеі свету за тыдзень у фотападборцы.

Іракскія шыіты здзяйсняюць комплекс абрадавых дзеянняў падчас цырымоніі Ашура ў знак памяці аб пакутніцкай гібелі ў 680 годзе сына Алі, унука ісламскага прарока Мухамада, і членаў яго найбліжэйшай сям’і ў бітве пры Карбале (Karbala), Ірак. Фота: AP Photo / Anmar Khalil / East News
Поўня Стэрджэн (Sturgeon) над мячэццю Святой Сафіі ў Стамбуле, Турцыя. Фота: Depo Photos / ABACA / Abaca Press / Forum
Плантацыі марскіх водарасцяў у Інданезіі. Адной з асноўных крыніц даходу інданезійскіх астравоў з’яўляецца вырошчванне і збор марскіх водарасцяў. Фота: Robin Utrecht / abacapress.com / East News
У выніку пападання маланкі па нафтабазе на Кубе пачаўся самы маштабны пажар у гісторыі краіны. Праз пяць дзён пажарнікам удалося яго патушыць. За гэты час пажар паспеў знішчыць 40% асноўнага сховішча паліва на востраве. Матансас (Matanzas), Куба. Фота: AP Photo / Ismael Francisco / APTOPIX / East News
Праваслаўны святар праводзіць адпяванне на магілах невядомых мірных жыхароў, забітых расейцамі падчас акупацыі ў Бучы, Кіеўская вобласць, Украіна. Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News
Праліўныя дажджы ў Сеуле паднялі ўзровень вады ў рацэ Хан да 5,5 метраў. Сеул, Паўднёвая Карэя. Фота: Kim Hong-Ji / Reuters / Forum
Журналісты вядуць прамыя эфіры непасрэдна перад лясным пажарам у Сэн-Мань (Saint-Magne), Францыя. Фота: Stephane Mahe / Reuters / Forum
Людзі з рыбацкай супольнасці шпацыруюць падчас працэсіі Наралі Пурніма (какосавы фестываль), каб маліцца Богу мора аб спрыяльным рыбалоўным сезоне ў Мумбаі, Індыя. Фота: Francis Mascarenhas / Reuters / Forum
Марына Аўсяннікава, былая журналістка «Первого канала», якая ў жывым эфіры з’явілася з пратэставым плакатам супраць вайны ва Украіне, сядзіць у камеры падсудных у чаканні судовага паседжання па абвінавачанні ў «дыскрэдытацыі» расейскай арміі. Жанчыне пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі па гэтым артыкуле. Масква, Расея. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News
Статак авечак ходзіць па патрэсканай з-за моцнай спякоты зямлі ў вёсцы Улед-Эсі-Масэуд (Ouled Essi Masseoud), Марока. Фота: Senna Fadel / AFP / East News
Мусульмане-шыіты збіраюцца напярэдадні свята Ашура ў Ан-Наджаф (An-Najaf), Ірак. Фота: Alaa Al-Marjani / Reuters / Forum
Лес, які пацярпеў ад вялікага пажару ў камуне Астан (Hostens), Францыя. Фота: Stephane Mahe / Reuters / Forum

Фота

І нават марская свінка. Як праходзіць эвакуацыя з прыфрантавога гораду Бахмут

2022.08.09 14:16

Агата Квяткоўская belsat.eu


#Беларусь