Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 14 жніўня

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 14 жніўня чытайце ў нашым аглядзе.

M270 MLRS, zdj.: TT Ołeksija Reznikowa
M270 MLRS. Фота. Аляксей Рэзнікаў / Telegram

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 172-і дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 43 550 чалавек забітымі.
Цягам апошніх содняў на валынскім, палескім і сіверскім кірунках сітуацыя істотна не мянялася. Адзначаецца, што на апошнім працягваецца ратацыя падраздзяленняў Заходняй ваеннай акругі РФ. Таксама праціўнік абстрэльвае са ствольнай артылерыі памежныя населеныя пункты.
На харкаўскім кірунку расейцы намагаліся правесці выведку боем каля населенага пункту Пітомнік, але панеслі страты ды адышлі назад.
Акрамя гэтага цягам апошніх содняў расейцы праводзілі абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў па ўсёй лініі сутыкнення, займаліся паветранай выведкай з дапамогаю беспілотнікаў і папаўнялі асабовы склад.
На славянскім кірунку праціўнік намагаўся прарваць украінскую абарону ў ваколіцах населенага пункту Даліна, але штурм быў адбіты ЗСУ.
Варожыя абстрэлы на гэтым кірунку былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Бражкаўка, Багародзічнае і Даліна.
На краматорскім кірунку вораг здзейсніў няўдалую спробу выведкі боем каля Серабранкі, таксама не мелі поспеху штурмавыя дзеянні каля Спірнага, праціўнік адышоў назад. Цяпер баявыя дзеянні працягваюцца каля Івана-Дар’еўкі.
На бахмуцкім кірунку расейцы здзейснілі няўдалую спробу выведкі боем каля Салядару, таксама беспаспяховымі аказаліся наступальныя дзеянні каля Зайцава, праціўнік адышоў на старыя пазіцыі.
Варожыя абстрэлы з танкаў і артылерыі былі зафіксаваныя па ўсёй лініі сутыкнення.
Амерыканскі Інстытут даследавання вайны выказаў меркаванне, што расейскія сілы могуць паспрабаваць павялічыць свой ціск па лініі Сіверск – Бахмут, каб адцягнуць увагу Украіны ад дзеянняў на поўдні, дзе ЗСУ праводзяць паспяховыя контратакі і, магчыма, ствараюць умовы для свайго наступу.
На аўдзееўскім кірунку праціўнік праводзіў штурмавыя дзеянні ў бок населеных пунктаў Краснагораўка і Піскі, але поспеху не меў ды адышоў. Цяпер баявыя дзеянні працягваюцца ў ваколіцах населенага пункту Первамайскае.
На навапаўлаўскім і запарожскім кірунках расейцы здзейснілі няўдалую спробу выведкі боем каля Прачыстаўкі, цяпер яны наступаюць у бок населенага пункту Паўлаўка.
Варожыя абстрэлы на гэтых кірунках праводзіліся па ўсёй лініі сутыкнення, авіяцыйныя ўдары прыйшліся на ваколіцы Прачыстаўкі і Вуглядару.
Таксама расейскія войскі зноў абстралялі акупаваны Энергадар. Мэр гораду Дзмітро Арлоў паведаміў, што ёсць ахвяры сярод мірнага насельніцтва. Паводле Арлова, расейцы вялі агонь з прыгараду Энергадару.
Разам з тым удзень 14 жніўня ў порце акупаванага Бярдзянску прагрымеў выбух. Імаверна, па тэрыторыі быў нанесены ўдар украінскімі сіламі.
Акрамя гэтага ўкраінскі ваенны эксперт Алег Жданаў паведаміў, што цягам мінулых содняў ЗСУ нанеслі ўдары па сямі расейскіх аб’ектах на поўдні краіны, знішчыўшы камандныя штабы, склады з боепрыпасамі і тэхніку праціўніка.

На паўднёвабужскім кірунку асноўныя намаганні расейцаў былі засяроджаныя на ўтрыманні раней занятых пазіцыяў. Пры гэтым праціўнік праводзіў абстрэлы па ўсёй лініі сутыкнення і працягваў паветраную выведку з дапамогай беспілотнікаў.
Тым часам інфармацыйнае агенцтва УНІАН паведаміла, што да 10 тысяч украінцаў з малым баявым досведам ці без яго змогуць прайсці ў Вялікай Брытаніі курсы жаўнерскай службы з мэтаю абароны ад расейскай агрэсіі. У курсах будуць задзейнічаныя каля тысячы пяцідзесяці брытанскіх вайскоўцаў. Навучанне будзе праходзіць на аб’ектах Міністэрства абароны на паўночным захадзе, паўднёвым захадзе і паўднёвым усходзе Вялікай Брытаніі. Праграма працягнецца некалькі тыдняў і будзе праводзіцца падраздзяленнямі 11-й брыгады спрыяння сілам бяспекі.
Таксама стала вядома, што Славаччына перадала Украіне чатыры самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі Zuzana 2. Факт перадачы тэхнікі пацвердзіў міністр абароны Славаччыны Яраслаў Надзь. Усяго Браціслава плануе перадаць ЗСУ восем адзінак гэтай тэхнікі.

Hавiны

Кіраўнік брытанскай разведкі лічыць, што ні РФ, ні Украіна не змогуць дабіцца пералому ў вайне да канца года

2022.08.13 19:55

BK belsat.eu


#Беларусь